понедельник, 12 сентября 2016 г.
ДАХ-ХХХ "РАЗВІТАННЕ З ТАХЕЛЕСАМ" 13 верасня 2016 - 13 студзеня 2017
ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЯ:
http://dachxxx.blogspot.com.by/p/blog-page_6.html
понедельник, 5 сентября 2016 г.
“GLOBAL WARNING/ GLOBAL WARMING” (выстава Алеся Родзіма) і "Развітанне з Тахелесам" (фэст ДАХ-ХХХ)
“GLOBAL WARNING/ GLOBAL WARMING”
Беларускі мастак Алесь Родзім болей вядомы за мяжой, чым на радзіме. Выстава “Global Warning/ Global Warming”, якую можна назваць плёнам яго творчага жыцця, цягам многіх гадоў пастаянна экспанавалася на галоўных выставачных плошчах культавага берлінскага кунстхаўса “Тахелес”, няспынна папаўняючыся новымі творамі. Паводле самых сціплых падлікаў, яе наведала не меней за мільён гледачоў не раўнуючы з усяго свету. Тысячы з іх менавіта дзякуючы мастаку даведаліся пра існаванне такой краіны, як Беларусь.
У той самы час, Алесь Родзім заўсёды прагнуў паказаць свае галоўныя творы на радзіме. Урэшце, гэтае памкненне ўрэчаіснілася. На выставе гледачы змогуць убачыць карціны, напісаныя цягам яго 13-гадовай рэзідэнцыі ў “Тахелесе”. У Менск прыедуць цыклапічныя паводле сваіх памераў творы – у тым ліку, і “Міфалагема тысячагоддзяў”, якая лічыцца найбуйнейшай карцінай у еўрапейскім мастацтве. Аўтар працаваў над ёй цягам пяці гадоў!
Жывапісная манера Алеся Родзіма арганічна спалучае па-майстроўску выпісаныя фігуратыўныя выявы з псіхадэлічнай атмасферай татальнага хаоса. Асязальнае і метафізічнае, сучаснасць і пазачасовасць, філасофія і інтуіцыя, пазнавальныя для кожнага вобразы і пачвары з нетраў падсвядомасці – усё гэта ўтварае неверагоны візуальны і сэнсавы палімпсест. Часам падаецца, нібы творы мастака набываюць трэцяе вымярэнне, і таму цяжка верыцца, што ён выкарыстоўвае самыя звычайныя фарбы і палатніну.
На паверку гэты хаос падаецца разбуральным – ён нібы расчапляе звыклы нам свет на асобныя мікраэлементы. Але калі прыгледзецца, можна адчуць тую энергію жыцця, якую выпраменьваюць гэтыя творы.
Бачыць гэтыя карціны замала – глядач павінен уступаць з імі ва ўзаемадзеянне. Цікава было назіраць за тым, як некаторыя наведвальнікі “Тахелеса” сядалі насупраць іх і медытавалі ледзь не гадзінамі.
Гэтая выстава – унікальная для мінчукоў магчымасць пазнаёміцца з творамі легендарнага мастака. Такой магчымасці не было раней і болей не будзе.
Вернісаж выставы Global Warning. Global Warming стане таксама і адкрыццём юбілейнага, 30-га фестывалю саверсізму і ігдрасілізму ДАХ, які мае дэвіз "Развітанне з "Тахелесам".
Фестываль ДАХ-ХХХ, які нарадзіўся ў "Тахелесе" і сёлета святкуе 15-гадовую гадавіну, магчыма, стане самым працяглым форумам у гісторыі мастацтва. Прынамсі, беларускага. Канцэрты, перформансы, літаратурныя чытанні, кінапаказы прадоўжацца ажно да 13 студзеня 2017 года !
У апошнія гады фэст нярэдка эксперыментаваў з фарматам, вырашаючы важныя грамадскія задачы і шукаючы падыходы да рознай аўдыторыі. Але гэтым разам публіку чакае менавіта той шалёны “Дах”, які ўжо паспеў стаць культавай з’явай у гісторыі сучаснага беларускага мастацтва.
“Тахелеса” ў Берліне болей няма, але на чатыры месяцы ён адродзіцца ў Менску!
Адкрыццё: 13 верасня 2016 , а 18 00 (уваход вольны).
Месца дыслакацыі: Адкрытая прастора "ВЕРХ" (Мінск, вул. Куйбышава. 22, 6 паверх , завод "Гарызонт")
Пракуратары:
Зьміцер Юркевіч
Алесь Родзім
Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
+375 33 375 72 50
lefthunder@gmail.com
www.facebook.com/groups/374511820986/
www.vk.com/club1485098
3
Подписаться на:
Сообщения (Atom)