“Хай радасць з вачэй нашых блісне...”
Песні філаматаў і філарэтаў.
Сусветна вядомы паэт Адам Міцкевіч, пачынальнік новай беларускай літаратуры і фалькларыст Ян Чачот, паэт, грамадскі дзеяч і навуковец Тамаш Зан, дзекабрыст Міхал Рукевіч, вялікі вучоны і асветнік, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, вучоны-арыенталіст, рэктар Казанскага універсітэта Юзаф Кавалеўскі, гісторык, дырэктар Літоўскай метрыкі ў Пецярбурзе Францішак Малеўскі...
Што аб’ядноўвае гэтыя слаўныя постаці? Усе яны былі сябрамі таемнага студэнцкага таварыства філаматаў (аматараў навук), створанага ў Віленскім універсітэце ў 1817 годзе.
Галоўнаю мэтай філаматаў з'яўлялася асвета роднага краю – спрадвечных земляў Вялікага Княства Літоўскага, а на той час – заходніх губерній Расійскай Імперыі. У аднаўленні былой Рэчы Паспалітай, а ў яе рамках – Вялікага Княства Літоўскага бачылі яны будучыню сваёй радзімы.
Маладыя таленавітыя хлопцы, якія пераважна паходзілі з дробнай беларускай шляхты, вывучалі прыроду, гаспадарку, этнаграфію, фальклёр, мову Беларусі і прылеглых земляў, пачалі пісаць падручнікі па розных галінах навукі для школ, рыхтавалі выданне часопіса «Геба».
Свае творы яны пісалі пераважна на тагачаснай літаратурнай мове Беларусі – польскай. Але ставілі задачу, як прызнаюць і польскія даследчыкі, «збіраць песні і паданні народа і пісаць па-беларуску». У гэтым асабліва праявіў сябе Я.Чачот, беларускія песні якога карысталіся вялікай папулярнасцю ў яго сяброў. Многія філаматы, у тым ліку А.Міцкевіч, свядома ўводзілі ў сваю літаратурную мову элементы беларускай мовы.
Важнай формай дзейнасці таварыства філаматаў і ўзніклага пазней больш шматлікага таварыства філарэтаў (аматараў дабрачыннасці) з’яўляліся сустрэчы і ўрачыстасці як у Вільні, так і ў яе ваколіцах. Падчас гэтых сходак уздымаліся келіхі з малаком, дэкламаваліся вершы і гучалі песні, адмыслова напісаныя для сяброўскага кола.
Патрыятычная дзейнасць філаматаў і філарэтаў, якіх можна з поўным правам назваць пачынальнікамі ліцьвінскага (беларускага) нацыянальнага адраджэння, была перапыненая ў 1823 годзе з выкрыццём абодвух таварыстваў. Большасць іх удзельнікаў трапіла ў турму, найбольш актыўныя былі высланыя ў глыбіню Расеі. Толькі асобным з выгнаннікаў пашчасціла вярнуцца на Радзіму праз шмат гадоў.
Неўзабаве, пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гадоў, быў зачынены і сам Віленскі універсітэт.
Хаця філаматы і філарэты даўно ўжо сталі легендай, цікавасць да іх не змяншаецца і сёння. Пры гэтым іх дзейнасць пакуль мала вядомая беларускай грамадскасці. Па сутнасці, яна засталася выключанай з кантэксту нашай гісторыі, у тым ліку літаратурнай, і псіхалагічна ўспрымаецца як нешта аддаленае і чужое. Прычынамі гэтага можна лічыць як польскую мову літаратурнай спадчыны філаматаў, так і адпаведныя падыходы польскага і савецкага літаратуразнаўства.
Увядзенне творчасці філаматаў і філарэтаў, іх трагічных і велічных постацяў у беларускі кантэкст мае вялікае значэнне для далейшага развіцця нацыянальнай культуры, узнаўлення перарванай повязі пакаленняў і гістарычнага досведу, пераадолення штучнай мяжы паміж беларускамоўнай народнай і польскамоўнай шляхецкай культурай Беларусі 19 стагоддзя.
Творчасць філаматаў і філарэтаў, іх узаемаадносіны, светаўспрыманне і стыль жыцця могуць і павінны зрабіць вялікі станоўчы ўплыў на фарміраванне адметнай беларускай студэнцкай традыцыі, якой сёння фактычна не існуе. Гісторыя філаматаў пацвярджае вялікі патэнцыял разняволенага, свабоднага творчага духа беларусаў, падмацаванага якаснай адукацыяй, патрыятычным выхаваннем, высокімі мэтамі і ідэаламі сяброўства.
Праект “Хай радасць з вачэй нашых блісне...”. Песні філаматаў і філарэтаў” мае на мэце наблізіць выбітныя імёны філамацкага кола да сучаснага гледача і слухача, абудзіць цікавасць моладзі да жыцця і творчасці сваіх аднагодкаў, аддзеленых двухсотгадовай часавай дыстанцыяй, і па вялікім рахунку скасаваць гэтую дыстанцыю, зрабіць памкненні, думкі і пачуцці беларускай духоўнай эліты пачатку 19 стагоддзя складовай часткай сучаснага інтэлектуальнага і культурнага дыскурсу Беларусі.
У аснове праекта ляжаць арыгінальныя песні філаматаў і філарэтаў з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай Т.Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам, супрацоўнікам Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская капэла” Святленай Немагай.
Шмат песняў напісана на вершы Я.Чачота, аўтарамі тэкстаў з’яўляюцца таксама А.Міцкевіч, Т.Зан, А.Адынец. Тэксты спяваліся на мелодыі вядомых беларускіх (“крывіцкіх”) народных песняў, украінскай народнай песні, аўтарскія мелодыі М.Шыманоўскай, Т.Зана, К.Тызенгаўза.
Дзве песні (на словы А.Міцкевіча і А.Адынца) выконваюцца таксама на музыку аднаго з удзельнікаў праекта – Аляксея Жбанава.
Улічваючы, што песні філаматаў і філарэтаў складаліся не для сцэнічнага выканання, а для шырокага ўжытку ў сяброўскім коле, праект мае адкрыты характар. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца як студэнты і выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі, так і спевакі-аматары. Гэта дазваляе наблізіць стыль выканання да арыгінальнага, які напэўна адрозніваўся тэхнічнай прастатой і эмацыйнай шчырасцю.
Нягледзячы на тое, што тэксты песняў, уключаных у праграму, напісаныя на польскай мове, у праекце, зыходзячы з яго мэтаў і характару, выкарыстаныя пераклады на беларускую мову К.Цвіркі, В.Сёмухі, А.Жбанава.
Найлепшым вынікам праекта, з пункту гледжання яго ініцыятараў, сталася б “другое жыццё” песняў філаматаў і філарэтаў – перш за ўсё ў студэнцкіх асяродках нашай краіны. Дзеля гэтага да ўдзелу ў праекце запрашаюцца ўсе зацікаўленыя, маючыя элементарныя спеўныя здольнасці і жаданне зрабіць асабісты ўнёсак у пашырэнне філамацкіх ідэяў у Беларусі.
-------------------------------------------------
Вечарына запланавана на 13 верасня. Пачатак у 18 00. А потым кiнастужка па матывах вядомага твору А.Мiцкевiча ))
Комментариев нет:
Отправить комментарий